пятница, 30 мая 2014 г.

Гістарычны нарыс вёскі Анопаль





Сярод  устаноў і арганізацый, якія займаюцца краязнаўчай дзейнасцю, асаблівае месца належыць бібліятэкам, так як дзейнасць бібліятэк цесна звязана з усімі напрамкамі краязнаўства. Ролю бібліятэк у краязнаўчым інфармаванні цяжка пераацаніць: яны валодаюць універсальным фондам дакументаў і застаюцца найбольш даступнымі для ўсіх катэгорый карыстальнікаў. Бібліятэчнае краязнаўства, як састаўная частка агульнага краязнаўства,  мае на мэце выявіць, сабраць, захаваць і  падаць у карыстанне ўсе матэрыялы, звязаныя па зместу са сваім рэгіёнам.

Яскравым прыкладам можа служыць крапатлівая работа, праведзеная бібліятэкарам Анопальскай сельскай бібліятэкі Л. Г. Лютаровіч. Людміла Генадзьеўна, больш за 25 гадоў выдатна спраўляецца з няпростай справай -скурпулёзным  збіраннем па крупінках гісторыі вёскі Анопаль. Вёска мае вельмі цікавую гісторыю, што і падштурхнула маладую бібліятэкарку на напісанне летапісу.
Першай, да кага Людміла Генадзьеўна звярнулася – Грыгор'ева Марыя Карлаўна (1911 года нараджэння), маці якой, Аніскевіч Марыя Карлаўна,(прыкладна 1890 года нараджэння) была ахмістрыняй  пры панах,  сама Марыся вучылася грамаце ў паненкі Ганны-Марыі Тышкевіч,  ведала 4 мовы: польскую, нямецкую, французкую і рускую. Савенка Акцябрына Мікалаеўна, дачка Марыі Карлаўны Грыгор'евай, шмат чаго памятае з расказаў бабулі, якая прыслужнічала Ганне Якаўлеўне Радзівіл, і дзядулі,   які ў той час прыслужваў ксяндзу. Гаварлівыя жанчыны распавялі шмат гістарычных фактаў. На падставе іх аповяду  і пачаў складацца летапіс Анопаля.
Па  адной з версій назва вёскі паходзіла ад імя двух паненак: Ганны і Полі. Але была і іншая версія. Да пачатку ХVІІІ стагоддзя мястэчка Анопаль, размешчанае над ракой Пціч, мела назву “Кропіца”.  Маёнтак быў уласнасцю сямейства Халецкіх. Ганна Кунегунда Халецкая (1723 -1765),  дачка рэчыцкага старасты Казіміра, выходзячы ў 1747 замуж за Альбрэхта Радзівіла (1717 - 1790), рэчыцкага старасту,  маршалка Літоўскага Трыбунала,  канфедэрата панскага, прынесла ў пасаг радавы маёнтак  “Кропіца”. У яе гонар і была зменена назва вёскі на Анопаль.
 На працягу стагоддзя маёнтак належыў Радзівілам.  У архіўных дакументах быў знойдзены план маёнтка, які ўключаў 10 вёсак.  Маёнтак меў 6000 дзесяцін урадлівай зямлі. Сам фальварак быў абнесены высокім плотам, меў прыгожы ўезд: алея шырынёй 12 метраў  з  ліпаў, клёнаў, бяроз, па абодва бакі расла белая акацыя. Чатыры гектара зямлі займаў садова - паркавы комплекс, аформлены ў выглядзе трох рукатворных тэрас з перападамі вышынь больш за 1 метр. У парку знаходзіліся яшчэ 2 ліпавыя алеі шырынёй  5 метраў, дзе было шмат кветак,  іншаземных дрэў, сярод якіх былі пладаносны грэцкі арэх, ёлка звычайная,  якая надавала маляўнічасць паркавым краявідам асабліва зімой. Па парку парабкам не дазвалялі хадзіць, гулялі толькі гаспадары і іх госці. А на тых, хто адважваўся парушыць дазвол накладаўся штраф.
Да цяперашняга часу захавалася толькі 30% парку, таму ён не ахоўваецца дзяржавай.  Што тычыцца дома, то была версія, што калісьці быў палац, але нідзе Людміла Генадзьеўна не знайшла пацвярджэння гэтай версіі. Ёсць толькі запіс таго, што сядзіба стваралася пры Альбрэхце Радзівіле ў формах барока. Сядзібным домам служыў аднапавярховы доўгі каменны будынак,  названы «белым домам».  На жаль, да нашых дзён маёнтак не захаваўся.
У архіўных дакументах ёсць пералік маёмасці: 2 флігеля, бровар, сырабойня, вазоўня, лазня, будынак цукровай фабрыкі, малацільня, вяндлярня, стайні, свірны, лядоўнікі, склеп, мноства хлявоў, вадзяны млын, крухмальны завод, прадукцыя якога ішла на экспарт. Дарэчы, ад крухмальнага завода на беразе ракі Пціч да нашых дзён захаваліся 3 чаны дыяметрам па два з паловай метры.
Прыкладна ў 1900 годзе Ганна Якаўлеўна Радзівіл (памерла ў 1904 годзе) прадала маёнтак Анопаль разам з прыслугай далёкаму сваяку князя Аляксандра Дамінікавіча Радзівіла – графу Адаму Уладзіслававічу Красінскаму за 60 тысяч рублёў срэбра. А  ўжо ў 1909 годзе Красінскі перадаў маёнтак  у спадчыну сваім пляменнікам - Тышкевічам. Так як яны былі непаўналетнія,  кіраваў усімі справамі прыватны павераны Стэфан Юліянавіч Паўловіч.
З архіўных дакументаў, якія знаходзяцца на захаванні ў Дзяржаўным архіве Мінскай вобласці, вядома пра падзеі, якія адбываліся ў маёнтку Анопаль з 1922 па 1926, калі на базе былога маёнтка была створана сельскагаспадарчая дзіцячая калонія, дзе пражывалі 100 беспрытульных дзяцей.  Згодна матэрыялаў,  маёнтак перадаваўся бясплатна ў карыстанне дзіцячаму дому пры ўмове, што калонія  будзе складацца з дзяцей, якія прыбылі з галодных губерняў Паволжжа. На працягу ўсяго знаходжання калоніі ў Анопалі вяліся размовы аб пераездзе на новае месца. У лютым 1926 года чуткі аднавіліся і 6 сакавіка пастановай Прэзідыума Мінскага акруговага выканкама быў зацверджаны пераезд у Старое Сяло Заслаўскага раёна (сёння Мінскі раён). Сам жа маёнтак перайшоў Белсельтрэсту для размяшчэння ў ім чарговага сельскагаспадарчага прадпрыемства.
Таксама ў архіве былі знойдены  дакументы, якія адносяцца да гісторыі царквы і касцёла.
У 1776 годзе ў маёнтку Анопаль быў пабудаваны драўляны (з лістоўніцы) касцёл імя Святой Ганны. У падвалах касцёла знаходзіўся склеп князёў, а таксама пахаваныя члены сям'і Радзівілаў Анопальскай лініі. Сваякоў прывозілі хаваць нават з Варшавы. З успамінаў  Грыгор'евай  Марыі Карлаўны (у той час яна была маленькай дзяўчынкай гадоў шасці, якая  спявала ў хоры, калі адпявалі нябожчыка) :  “Было вельмі страшна і халодна. Унутры святыні знаходзілася шмат рэліквій: старадаўнія карціны, часткова выкананыя на палатне, часткова напісаныя на сценах, выявы Ісуса Хрыста, Найсвяцейшай Багародзіцы, быў таксама партрэт аднаго з Радзівілаў, ахвяраваўшага вялікую лампаду на труну Гасподню. Здавалася, што з-за кожнага кутка выглядалі продкі Радзівілаў”.
У 1882 годзе  03 верасня касцёл быў зачынены па прычыне трухлявасці. Касцёл разабралі і маёмасць перадалі ў Мінскі Свята-Троіцкі касцел на захаванне. Але адразу была ўзведзена капліца, для будаўніцтва якой выкарыстоўваліся  прыгодныя бярвенні   ад  зруйнаванага касцела.  Капліца была  пабудавана даўжыней 40 і шырыней 14 аршын, пакрытая толем. У ёй быў драўляны алтар, дзве напаўразруйнаваныя спавядальні, 8 лавак,  2 новыя харугвы, а таксама рызніца, у якой знаходзілася шафа, кадзільніца з пасудзінамі  для кадзіла і метрычныя кнігі аб нарадзіўшыхся  з 1768 па 1886гг, аб уступаючых у шлюб з 1796 па 1885 гг, аб памерлых з 1793 па 1887гг. Жыллё ксяндза (плебанія) было сціплым, у ім знаходзілася толькі самае неабходнае: ложак, стол, крэсла, рукамыйнік, і дробязі, неабходные ў  хатнім ужытку. У 1882 годзе павераны саветнік Ганны Радзівіл  Ямант Сцяпан звярнуўся ў каталіцкую духоўную кансісторыю выдаць пасведчанне аб тым, што касцел існаваў з 1776 года па 1882 год  і   прыхажан было 2845 чалавек.  А ужо з  1885 года   ксёндз прыязджаў 4 разы на год: на вяселлі і пахаванне.  Апошні прыезд ксяндза быў звязаны з адпяваннем Вільгельма Аляксандравіча Радзівіла – сына Аляксандра Дамінікавіча Радзівіла.
У 1907 годзе прыхажане напісалі прашэнне для дазволу пабудовы новага касцёла на ахвяраванні сялян. Маецца каштарыс на пабудову Рымска-Каталіцкага касцёла ў маёнтку Анопаль Мінскай губерні Мінскага павета Самахвалавіцкай воласці. Матэрыял для будаўніцтва завозілі па Лібава-Роменскай чыгунцы, аб чым сведчыць дакумент ад 22 чэрвеня 1907 года "Пасведчанне правозу па ільготным тарыфе" са згоды Міністэрства ўнутраных справаў.  Ксяндзом у той час служыў Андрэй Зязюля. Касцёл  пачалі будаваць каменны, па наступных памерах: даўжыней 42 і шырыней 30 аршын. Архіўныя дакументы сведчаць, што сцены касцёла былі пабудаваны, але ўзвесці  дах не паспелі, так як у 1912 па прыказу прыстава трэцяга стану Мінскага ўезду  будаўніцтва было прыпынена да асобых распараджэнняў Міністэрства ўнутраных спраў.
У 1914годзе 24 лістапада настаяцель А.Астраповіч (наступны ксендз пасля Язэпа Зельбы), піша рапарт на працяг пабудовы касцела. Былі выбраны члены камітэта па пабудове.  У іх састаў уваходзілі: палкоўнік Аўгусцін Гедройц, Міхась Янішеўскі, Януш Уніхоўскі, Вікенцій Рачынскі, Вікенцій Шабуневіч.
Далей вядома, што ў 1923 годзе ў маёнтку Анопаль была арганізавана сельскагаспадарчая камуна «Серп і Молат».  Кіраўніцтва калоніі, дзе ,дарэчы, працавала Вера Харужая, звярталася ў аддзел добраўпарадкавання, каб дапамаглі зрабіць дах касцёла і  складваць там гародніну і збожжа.
У цяперашні час у склепе жыхаркі в.Анопаль захаваліся толькі грабніцы і закладзены цэглай хады, якія ішлі ад «Белага дома» і на могілкі.
На жаль, матэрыялаў па гісторыі царквы на сенняшні час знойдзена не вельмі шмат. Вядома толькі, што ў 1853 годзе ў Анопалі была пабудавана прыпісная праваслаўная царква імя Аляксандра Неўскага ад Пяцеўшчынскай Свята-Прэабражэнскай царквы. Кожны селянін раз у год, не менш, павінен быў спавядацца  і прычашчацца.  У архіве знойдзены вопіс маёмасці Анопальскай царквы ад 25 кастрычніка 1863 года, састаўлены святаром Ігнатам Пастэрнацкім,  дзячком Вікенціям Сіткевічам і царкоўным старастам Вікенціям Войцікам.  З успамінаў жыхароў, пасля рэвалюцыі царква была разабрана і застаўся толькі падмурак.
У 2013 годзе пастаянная чытачка Капельян Ірына Арсенцьеўна перадала ў фонд бібліятэкі матэрыялы пра маёнтак на польскай мове. Гэта падзея паслужыла адпраўной кропкай для новага этапу работы. Быў распрацаваны праект «Аннопольский край» (3013-2014гг), мэтай якога з'яўляецца вывучэнне, даследаванне роднага краю і папулярызацыя наяўных краязнаўчых матэрыялаў.
Не застаюцца абыякавымі і жыхары вёскі: прыносяць фотаздымкі, дапамагаюць адшукваць матэрыял.
 Фарміруюцца  краязнаўчыя тэматычныя папкі:  «Анопаль на старонках газет», «З гісторыі родных мясцін», дзе размешчаны копіі архіўных дакументаў.
Цікавасць да гісторыі роднага краю існуе, і Людміла Генадзьеўна робіць усё, каб гэта цікавасць не вычэрпвалася: плануе выдаць брашуру па гісторыі вескі Анопаль, дзе будуць размешчаны і архіўныя матэрыялы, і фотаздымкі, і ўспаміны аднавяскоўцаў.  Адна з галоўных задач, якую ставіць перад сабой бібліятэкар - захаваць для нашчадкаў усё тое, што складае гонар роднага краю і дапамагае зразумець значэнне і ролю сваёй малой радзімы ў гісторыі і культуры.
Краязнаўства - гэта вялікая і крапатлівая работа, якая патрабуе аддачы часу і сіл. Цікавасць да краязнаўчай тэматыкі, я думаю, будзе заўсёды, бо не хлебам адзіным жывы чалавек. Ён жывы яшчэ і непарыўнай сувяззю падзей і традыцый, спадчынай і памяццю продкаў.


Бібліятэкар ІІ катэгорыі
аддзела бібліятэчнага маркетынга                                    Святлана Коўзелева


Комментариев нет:

Отправить комментарий